Супраць расізму на стадыёне

Палітыка барацьбы з расізмам і дыскрымінацыяй у ПФК “Тарпеда” Мінск.

Асновай палітыкі, якую рэалізуе наш футбольны клуб, з’яўляецца і будзе з’яўляцца мэта пакінуць расізм па-за межамі стадыёна і ўсяго футбола. Прафесійны футбольны клуб “Тарпеда” Мінск аб’ядноўвае дзесяткі футбалістаў розных узростаў і тысячы заўзятараў, якія належаць да розных расаў, народаў і рэлігій. Талерантнасць – гэта не толькі адна з адметных рысаў у характары беларусаў, але і адзіны магчымы прынцып развіцця футбола, усяго спорту і нашага клуба ў прыватнасці. ПФК “Тарпеда” Мінск лічыць, што вакол яго і на стадыёне аб’ядноўваюцца людзі, для якіх цікавасць да футбола з’яўляецца найважнейшым. Сектары стадыёна аб’ядноўваюць людзей, упэўненых: “Расізму не месца ў футболе і ў грамадстве ў цэлым!”.

Прафесійны футбольны клуб “Тарпеда” усімі сваімі мерапрыемствамі і дзеяннямі яшчэ раз падкрэслівае, што адзінай магчымай формай супрацьстаяння расізму з’яўляюцца спартовыя спаборніцтвы, пабудаваныя на прынцыпах узаемапавагі і сяброўства. Наш клуб рашуча настроены ў адносінах да заўзятараў, якія праяўляюць непавагу да спартоўцаў і заўзятараў іншых клубаў, рас, нацыянальнасцяў і рэлігій; “Тарпеда” лічыць, што такім людзям не месца на футбольным стадыёне. Мы ўжываем і будзем ужываць дзейсныя меры па выяўленні падобных выпадкаў. Мы заўсёды будзем падтрымліваць прынцыпы супрацьстаяння расізму і роўных магчымасцяў ва ўсіх справах, якія арганізуе і праводзіць наш футбольны клуб.

Футбол створаны для аб’яднання ўсіх людзей!