Правілы паводзін гледачоў на стадыёнах

Правілы паводзін гледачоў на стадыёнах падчас правядзення футбольных матчаў.

Гэтыя Правілы вызначаюць нормы паводзін гледачоў на стадыёне пры наведванні футбольных матчаў, якія праводзяцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

1. Агульныя палажэнні

1.1. Гледачамі прызнаюцца грамадзяне, якія прыбылі на стадыён пры наяўнасці ўваходнага білета, абанемента, запрашэння, іншых дакументаў устаноўленага ўзору, і не звязаныя з арганізацыяй і забеспячэннем правядзення матчу.

1.2. Арганізатар матчу дзеля забеспячэння бяспекі асобных катэгорый гледачоў можа ўводзіць асаблівыя ўмовы наведвання матчу для гэтых катэгорый з абавязковым паведамленнем аб прынятым рашэнні адміністрацыі стадыёна, праваахоўных органаў, гледачоў да пачатку рэалізацыі ўваходных білетаў.

1.3. Уваход у стадыён падразумявае прыняцце і добраахвотнае выкананне гледачамі дадзеных Правіл, якія дзейнічаюць на працягу ўсяго часу іх знаходжання на стадыёне.

1.4. Кантроль за выкананнем Правілаў ускладаецца на арганізатара матчу, супрацоўнікаў праваахоўных органаў, МНС, а таксама службаў стадыёна, якія прыцягваюцца для забеспячэння кантрольна-прапускнога рэжыму, рассаджвання гледачоў і аховы грамадскага парадку (службы бяспекі, кантралёры, адміністратары, сцюарды, валанцёры і інш.).

1.5. Гледачы, якія не выконваюць Правілы, не дапускаюцца на стадыён або выдаляюцца за яго межы без кампенсацыі кошту ўваходнага білета, а ў выпадках учынення імі супрацьпраўных дзеянняў прыцягваюцца да адміністрацыйнай або крымінальнай адказнасці.

1.6. Арганізатар матчу мае права праводзіць фота-, відэаздымкі гледачоў дзеля прадухілення супрацьпраўнай дзейнасці.

2. Гледачы маюць права:

2.1. Пры наяўнасці ўваходных білетаў, абанементаў, запрашэнняў, іншых дакументаў устаноўленага ўзору ўваходзіць на стадыён да і падчас матчу. Час пачатку праходу на стадыён вызначаецца сумесным рашэннем арганізатара матчу, адміністрацыі стадыёна і праваахоўных органаў.

2.2. Карыстацца ўсімі паслугамі, якія прапануюцца арганізатарамі матчу і адміністрацыяй стадыёна;

2.3. Прыносіць на трыбуны стадыёна і выкарыстоўваць:

– тытунёвыя вырабы і запальнічкі пры ўмове іх выкарыстання толькі ў спецыяльна адведзеных для курэння зонах;

– атрыбутыку, афіцыйна зацверджаную кіраўнікамі клубаў і мясцовых праваахоўных органаў;

2.4. Прадстаўнікам аб’яднанняў заўзятараў з мэтай падтрымкі каманды, пры прызначэнні адказных з ліку заўзятараў за кожную адзінку названых ніжэй сродкаў падтрымкі, дазволены пранос і выкарыстанне:

– барабанаў з адной мембранай, з адкрытым дном, дыяметрам да 60 см і вышынёй да 40 см, са штатнымі палачкамі;

– зацверджаных банераў розных канфігурацый, пры ўмове, што яны будуць размешчаны на трыбунах такім чынам, што не будуць перашкаджаць прагляду матчу іншымі гледачамі. Банеры павінны быць выраблены з неўзгаральных матэрыялаў. Змест банераў павінен быць накіраваны толькі на падтрымку свайго клуба, не змяшчаць абразлівых, нецэнзурных, правакацыйных тэкстаў, слоў, сімвалаў, малюнкаў;

– сцягоў на пластыкавым пустацелым дрэўку. Даўжыня дрэўка не можа перавышаць 1,5 м. Сцягі павінны быць выраблены з неўзгаральных матэрыялаў. Выкарыстанне такіх сцягоў дазволена на «гасцявым» і «фанацкім» сектарах. Змест малюнкаў на сцягах павінен быць накіраваны толькі на падтрымку свайго клуба, не змяшчаць абразлівых, нецэнзурных, правакацыйных тэкстаў, слоў, сімвалаў, малюнкаў.

Сродкі падтрымкі, якія змяшчаюць словы і выразы на замежнай мове, павінны мець рускі пераклад.

Сродкі падтрымкі, якія змяшчаюць абрэвіятуры і спалучэнні лічбаў, павінны быць зацверджаны кіраўніцтвам клуба і тэрытарыяльнымі праваахоўнымі органамі.

У выпадку парушэння гледачамі дадзеных Правілаў можа быць прынята рашэнне аб забароне выкарыстання на футбольных матчах вышэйпералічаных сродкаў падтрымкі.

3. Гледачы абавязаны:

3.1. Прад’яўляць супрацоўнікам, якія ажыццяўляюць кантрольна-прапускны рэжым, уваходныя білеты, абанементы, запрашэнні, іншыя дакументы, якія даюць права праходу на стадыён, а таксама пропуску на ўезд аўтатранспарту на прылеглую тэрыторыю;

3.2. Дзеля гарантавання бяспекі і недапушчэння праносу забароненых прадметаў пры ўваходзе на стадыён, а ў некаторых выпадках – пры ўваходзе на прылеглую абгароджаную тэрыторыю, праходзіць спецкантроль (дагляд);

3.3. Займаць месцы на трыбунах згодна з уваходнымі білетамі, абанементамі і запрашэннямі;

3.4. Выконваць законныя распараджэнні арганізатара матчу, адміністрацыі стадыёна, супрацоўнікаў праваахоўных органаў і МНС, захоўваць грамадскі парадак і агульнапрынятыя нормы паводзін;

3.5. Неадкладна паведамляць адміністрацыі стадыёна і супрацоўнікам праваахоўных органаў аб выпадках выяўлення падазроных прадметаў, выпадках задымлення ці пажару, учыненых правапарушэнняў, іншых пагрозах бяспекі;

3.6. Ашчадна ставіцца да маёмасці стадыёна, захоўваць чысціню.

4. Гледачам забараняецца:

4.1. Знаходзіцца на стадыёне ў стане алкагольнага, наркатычнага або таксічнага ап’янення;

4.2. Праносіць на стадыён, выкарыстоўваць, прыводзіць у дзеянне:

– спіртныя напоі; любога віду зброю і боепрыпасы; колючыя або рэжучыя прадметы; дымавыя шашкі; фаеры; сігнальныя ракеты; петарды; піратэхніку, іншыя рэчывы, прадметы, вырабы, у тым ліку ўласнага прыгатавання, выкарыстанне якіх можа прывесці да задымлення, ўзгарання і іншых негатыўных наступстваў; вогненебяспечныя, выбуховыя, ядавітыя, атручвальныя і з’едліва пахнучыя рэчывы; лёгкаўзгаральныя, пажаранебяспечныя матэрыялы і прадметы; фарбавальныя рэчывы; наркатычныя сродкі; радыеактыўныя матэрыялы; газавыя балончыкі нервова-паралітычнага і слезацечнага ўздзеяння; лазерныя прылады; іншыя прадметы, якія могуць быць выкарыстаны ў якасці зброі; бляшанкі, шкляны, пластыкавы посуд, бутэлькі і ёмістасці; буйнагабарытныя рэчы, якія замінаюць іншым гледачам, а таксама нармальнаму правядзенню мерапрыемства; барабаны, дудкі, мегафоны і іншыя падобныя прадметы, прафесійную фота- і відэатэхніку, сродкі для трансляцыі праз інтэрнэт; радыёстанцыі; рэчы, памеры якіх перавышаюць 25х25х25 см, прадметы, якія могуць быць выкарыстаны як кідальныя: парасоны тыпу «Кій», упакоўкі «Тэтрапак».

4.3. Курыць у месцах, дзе гэта забаронена адміністрацыяй стадыёна;

4.4. Распальваць агонь;

4.5. Кідаць прадметы на трыбуны, футбольнае поле і прастору вакол яго, а таксама мэтанакіравана – у гледачоў, футбалістаў, трэнераў, суддзяў, прадстаўнікоў клубаў, стадыёна, супрацоўнікаў праваахоўных органаў, афіцыйных асоб арганізатара спаборніцтваў;

4.6. Насіць і выстаўляць напаказ знакі, атрыбутыку і іншую сімволіку фашысцкага і расісцкага характару;

4.7. Выкарыстоўваць словы і выразы, а таксама жэстыкуляцыю фашысцкага і расісцкага характару;

4.8. Выкарыстоўваць нецэнзурныя і абразлівыя словы і выразы, а таксама жэстыкуляцыю;

4.9. Выкарыстоўваць атрыбутыку, банеры, скандзіраванне, выкрыкі, жэстыкуляцыю, што ўзбуджаюць сацыяльную, расавую, рэлігійную, нацыянальную і міждзяржаўную нянавісць, а таксама сацыяльную, расавую, рэлігійную, нацыянальную і міждзяржаўную перавагу;

4.10. Выкарыстоўваць элементы адзення, іншыя прадметы і метады з мэтай утойвання асобы;

4.11. Парушаць грамадскую мараль і нормы паводзін шляхам агалення частак цела падчас знаходжання на стадыёне;

4.12. Паводзіць сябе правакацыйна, пагрозліва ў дачыненні да іншых гледачоў і ўдзельнікаў матчу, ствараць пагрозу жыццю і бяспецы сабе, іншым асобам, ці ставіць пад небяспеку каго б там ні было, якім бы ні было чынам;

4.13. Выходзіць за агароджы да футбольнага поля і на яго, з’яўляцца ў распранальнях каманд, суддзяў, прэс-цэнтрах і іншых службовых памяшканнях.

4.14. Знаходзіцца падчас правядзення матчу ў праходах, на лесвіцах, ствараць перашкоды перамяшчэнню ўдзельнікаў і гледачоў, станавіцца на месцы для сядзення, скакаць, імітаваць супрацьпраўныя дзеянні, знаходзячыся на трыбунах, залазіць на агароджы, парапеты, асвятляльныя прылады, мачты, нясучыя канструкцыі, наносіць шкоду маёмасці спартыўных збудаванняў і гледачоў;

4.15. Прыходзіць на стадыён з жывёламі;

4.16. Праводзіць любыя палітычныя акцыі;

4.17. Ажыццяўляць гандаль, распаўсюджваць любым спосабам прадукцыю рэкламнага, сувенірнага, палітычнага, рэлігійнага і расісцкага характару (уключаючы плакаты, улёткі, буклеты);

4.18. Ажыццяўляць спекуляцыйны гандаль з рук уваходнымі білетамі на матч.