Прывітанне ўсім заўзятарам футбольнага клуба «Тарпеда». Як вы ўжо ведаеце, з-за фінансавых праблем наш клуб спыняе існаванне і здымаецца з чэмпіянату краіны. Мы вельмі хочам гуляць далей, але проста не маем на гэта ніякай магчымасці.
Нашы праблемы пачаліся ў траўні, калі мы засталіся без фінансавай падтрымкі з боку нашага асноўнага спонсара Міхаіла Міраненкава і пазбавіліся сродкаў да існавання. Тым не менш, мы не склалі рукі: гульцы і трэнеры працавалі на поўную і спрабавалі выправіць сітуацыю ў табліцы, а мэнеджмент клуба шукаў магчымасці палепшыць фінансавы стан. Працы ў гэтым кірунку было шмат. Яна вялася да апошняга дня. Мы спадзяваліся, што атрымаецца знайсці людзей, якіх зацікавіць «Тарпеда», і якія захочуць, каб наша гісторыя працягвалася. Але, нажаль, ні з кім дамовіцца не атрымалася. Не дапамагла клубу і федэрацыя, да якой мы таксама звярталіся за дапамогай. У выніку гульня з БАТЭ на «Барысаў-Арэне» стала апошняй у найноўшай гісторыі клуба.
Гісторыя сучаснага «Тарпеда» пачалася ў 2014 годзе, калі мы ўпершыню за вельмі доўгі час згулялі на рэспубліканскім узроўні – другой лізе чэмпіянату краіны. Гэта былі вельмі яркія, розныя і цікавыя пяць гадоў, дзе былі як яркія перамогі, так і крыўдныя паразы. За гэты час мы прайшлі шлях ад цалкам аматарскай каманды да клуба вышэйшай лігі. І ўсё гэта мы прайшлі разам з вамі нашы заузятары и фанаты. Вы заўсёды былі побач з камандай: і ў цяжкія часы, і падчас перамог. Нават цяпер, у вельмі няпросты час, калі каманда ішла на апошнім месцы ў табліцы, вы прыходзілі на стадыён і ездзілі з намі на выезды, вы дапамагалі гульцам фінансамі і матывавалі нас усіх працаваць. Дзякуй вам за тое, што ўсе гэтыя гады вы былі побач.
Таксама хочам падзякаваць ўсім гульцам, трэнерам і адміністрацыйным работнікам, якія прайшлі праз «Тарпеда» за гэтыя гады. Кожны з вас пакінуў часцінку сябе ў нашай гісторыі і кожны з вас рабіў усё магчымае, каб «Тарпеда» станавілася мацней.
Выказваем вялікую ўдзячнасць і Міхаілу Міраненкаву, без якога нічога б гэтага не было. У свой час яго атрымалася зацікавіць, заразіць нашымі ідэямі і жаданнямі. І Міхаіл Мікалаевіч аддаў шмат сіл і сродкаў для таго, каб «Тарпеда» аказалася там, дзе і павінна быць – у вышэйшай лізе. Нажаль, Міхаіл Мікалаевіч не змог больш дапамагаць нам і мы спыняем існаванне.
Нам вельмі ня хочацца, каб імя «Тарпеда» знікала з радараў нашага футбола. Таму ў будучыні ў нас ёсць жаданне ўзнавіць тарпедаўскую дзіцяча-юнацкую футбольную школу і “рабіць” з хлопцаў добрых футбалістаў і выдатных людзей, з літарай «Т» у сэрцы.
Гэтая ж літара назаўжды застанецца ў сэрцы кожнага, хто хоць бы на адзін дзень станавіўся тарпедаўцам.
Дзякуй Вам усім.
Дырэктар ПФК «Тарпеда» Андрэй Салангін.