Галоўны трэнер «Тарпеда» пра гульню ў Слуцку.
– Жадалі б меней памыляцца, але, нажаль, не атрымліваецца. Як правіла, нашыя памылкі рэзультаціўныя. Памылка – гол. Прапусцілі так, і пенальці з-за гэтага атрымалі.
У другім тайме гульня раскрылася. Нам ужо няма чаго было губляць. Пайшлі наперад, каб адыграцца і мелі добрыя моманты. Гульня ўвогуле атрымалася без сярэдзіны поля. Атакі былі то на нашыя вароты, то на вароты «Слуцка». Для гледачоў гэта было жвава і цікава. Але для трэнераў быў валідольны другі тайм. Усё магло змяніцца як у адзін бок, так і ў другі.
Зноў праявілася нашая хвароба з рэалізацыяй: ня можам забіць. І таму такі рэзультат. Будзем далей працаваць, каб болей забіваць і не памыляцца.
– У парапынку замянілі Ўладзіслава Глінскага. Былі незадаволены яго гульнёй?
– Ён сам папрасіў замену – не змог далей працягваць матч.
Мы разлічвалі, што ў другім тайме прыдзецца больш трымаць мяч і атакаваць. Выбіралі паміж Раманам Гаевым і Андрэем Піліпаўцом. Выбралі Рамана з-за таго, што ён лепей пачынае атакі.
– Ігар Шумілаў дагульваў на краі абароны. Ня вельмі зручная пазіцыя для яго.
– Так, нязручна яму было. Але ў нас такая сітуацыя… Выбіраць не прыходзіцца. Да і выглядаў Ігар даволі добра.
– Чаго не хапіла на прыканцы сустрэчы, каб зраўняць лік?
– Мне падаецца, вынаходлівасці і нестандартнасці. Ну і свежасці. Гульня атака на атаку адымае шмат сілаў.
– Што сказалі футбалістам пасля гульні?
– Падзякаваў за самаадданасць. У любой сітуацыі нельга апускаць рукі. Трэба працаваць далей, каб выпраўляць сітуацыю. Безвыходных становішчаў не бывае.