У шостым туры гульню “Тарпеда” і “Дняпро” судзіў дэбютант вышэйшай лігі Сяргей Краснікаў. ПФК “Тарпеда” віншуе гарадзенскага арбітра з гэтай вехай кар’еры, але ў той жа час звяртае ўвагу на шэраг момантаў.
Па-першае, Краснікаў былы брамнік. Пачынаў сваю кар’еру ў мінскім “Лакаматыве”, дзе адыграў пяць сезонаў разам з галоўным трэнерам “Дняпро” Іванам Біёнчыкам, які правёў у камандзе каля 10 гадоў.
Па-другое, меў дачыненне да “Лакаматыва” і бізнэсмэн Уладзімір Цельпук, які цяпер кіруе “Дняпро”. На пачатку 2000-х бізнэсмэн дапамагаў ствараць “Лакаматыў” трэнеру Анатолю Юрэвічу і прадпрымальніку Віктару Паўлаву. Варта адзначыць, што побач з “Лакаматывам” Цельпук прабыў усяго пару гадоў. Пасля сезону-2002, калі мінчукі выйшлі ў вышэйшую лігу, Цельпук сышоў з футбола на некалькі год.
У сувязі з гэтым ПФК “Тарпеда” звяртае ўвагу на некаторыя эпізоды матчу. А дакладней на дзеянні арбітра Краснікава ў іх. Падчас гульні суддзя неаднаразова не рэагаваў на дробныя фалы гульцоў “Дняпро”. У той жа час падобныя парушэнні з боку гульцоў “Тарпеда” адзначаў. Пакінуў без увагі Краснікаў і жорсткі фол на паўабаронцы “чорна-белых” Сяргее Глебко, а таксама эпізод, калі паўабаронца “Дняпро” Юры Казлоў схапіў за каўнер і адштурхнуў нападніка “Тарпеда” Паўла Кляннё.
Таксама выклікае здзіўленне ўсяго дзве дададзеныя хвіліны да другога тайма. У другой палове гульні было зроблена чатыры замены, быў забіты адзіны мяч, былі іншыя паўзы, звязныя з пашкоджаннямі футбалістаў. І ўсяго толькі дзве хвіліны.
У сувязі з гэтымі акалічнасцямі ПФК “Тарпеда” звярнулася ў Асаціяцію “Беларуская фэдэрація футбола” за тлумачэннем таго, якім чынам арбітр, які працяглы час гуляў побач з галоўным трэнерам каманды суперніка, і для якога гэта гульня была першай у кар’еры на столь высокім узроўні, быў прызначаны на гульню “Тарпеда” – “Дняпро”.