Абаронца “чорна-белых” пра свой дэбют у вышэйшай лізе і складаны гульнявы графік наперадзе.
– Дэбют? Спадзяюся, гэта толькі пачатак. Асаблівага хвалявання не было. Можа, толькі ў першыя хвіліны гульні. Але калі разгуляўся, усё сышло. Пра тое, што выйду ў аснове, мне сказалі за некалькі дзён да гульні. Але асабліва наладжваць сябе не прыйшлося. Трэба быць гатовым гуляць у любую хвіліну. Мы для гэтага трэніруемся кожны дзень. Ты павінен быць гатовы заўсёды.
Цяжка каментаваць матч па гарачых слядах. Ледзь-ледзь не хапіла: не забілі, дапусцілі памылкі. Трэба глядзець, разбіраць і працаваць. Усё толькі пачынаецца.
Траўма Ігара Шумілава? Траўмы не самае прыемна, што ёсць у футболе, але яны здараюцца. Спадзяюся, з Ігарам усё будзе ў парадку і да наступнага тура ён будзе ў складзе.
Наперадзе ў нас складаны графік – БАТЭ, “Дынама” Брэст. Але для нас кожная гульня, як фінал. Трэнерскі штаб нас на кожную гульню настройвае выходзіць і біцца. Гэта ж “Тарпеда”. Мы ніколі нікога не баяліся і выходзілі гуляць з усімі. Усе каманды аднолькавыя.