Прыхільнікі

By admin On красавiка 3, 2009

Для нас, прыхільнікаў ТАРПЕДА, мінулы сезон быў даволі знакавым. Наш непасрэдны ўдзел у справах каманды яшчэ больш з’яднаў нас.

Кажучы шчыра, было цяжкавата сабраць грошы на заяўку каманды ў чэмпіянат Менску. Заўзятару нялёгка мабілізаваць сябе на такую незвычайную рэч для сябе, як фінансаванне клубу. Так, гэта не набыццё квітка перад гульнёй, не падтрымка каманды на трыбуне. Але гэта нешта большае, больш знакавае. Мы непасрэдна удзельнічаем у жыцці свайго клуба. У нашых сэрцах назаўжды ТАРПЕДА. Мы чуем папрокі, што, маўляў, гэта ўсё паказуха, што нам няма чаго рабіць, што ж гэта за каманда ў чэмпіянаце горада. Але мы ніколі занадта не афішуем сваю дзейнасьць, а папросту робім сваю справу дзеля адраджэння ТАРПЕДА.

Дарэчы, прыклад хлопцаў, што здавалі грошы на заяўку, станоўча паўплываў на астатніх, і ўжо грошы патрэбныя для ўдзелу ў Кубку Беларусі(аматарскага), мы сабралі нашмат лягчэй.

Пагадзіцеся, вельмі лёгка адным росчыркам ліквідаваць прафэсыйны клуб з 60 гадовай гісторыяй, ці дома на канапе марыць аб магутным Беларускім футболе. Нашмат цяжэй маладому хлопцу адмовіць сябе ў нечым, і здаць грошы на заяўку каманды. І не для паказухі, не для таго, каб потым хваліцца перад сябрамі, а ад чыстага сэрца, бо так правільна, так трэба.

Ужо зараз мы пачынаем збор сродкаў, неабходных камандзе на наступны сэзон. Хаця, пакуль, пэўных планаў няма, але ўжо сёння вядома, што ТАРПЕДА трапіла ў 1/64 Кубка Беларусі(прафэсійнага). Таму спатрэбяцца сродкі на арэнду поля і іншыя расходы. Магчыма, трэба будзе замаўляць новую форму. Бо леташні камплект, які гульцы рабілі за свае грошы, разышоўся па руках тых футбалістаў, што ўжо не гуляюць за нашу каманду.

Пакуль мы ня маем ніякай фінансавай падтрымкі трэба разлічваць толькі на свае сілы.

Мы спадзяемся на ўсіх прыхільнікаў ТАРПЕДА, на тое, што ніхто не пакіне каманду ў гэты цяжкі час.

Браты, мы робім агульную справу! Наперад ТАРПЕДА!