Забыты юбілей

Ад Honar1947 Дата: лiпеня 7, 2010

Сённешнім летам за ўсімі гэтымі вавузеламі большасць спартыўных выданняў забыліся не толькі пра ўдзел каманд з Беларусі ў еўракубках, пра матчы на Кубак Краіны, але і пра стагоддзе футбола на Беларусі.А між іншым Міжнародная Федэрацыя Футбольнай Гісторыі і Статыстыкі(IFFHS) афіцыйна лічыць, што першая футбольная каманда з’явілася на Беларусі ў чэрвені-ліпені 1910 года ў Гомелі.

У гэтым артыкуле мы знаёмім наведвальнікаў з першымі крокамі нашай любімай гулні ў нашым Краю.

Адэскі “вараг”.

Для таго каб у Гомеле “запалыхала полымя футболу” хапіла толькі адной “іскры”. Хаця больш слушна напісаць “зорка”. Бо А.Лібман, які прыехаў у горад у 1910 на працу ў аддзяленне Арлоўскага банка, быў сапраўднай зоркай адэскага футболу. Ён быў сябрам футбольнага клуба “Маяк” Адэса.

Перад прыездам гэтага “футбольнага варага” у Гомель, мала хто ў горадзе нешта ведаў пра футбол. Але пасля таго, як Лібман арганізаваў першую каманду - ПГФК(першая гімназічная футбольная камандда), моладзь ва ўсім Гомелі зацікавілася новай гульнёй і праз тры месяцы з’явіліся яшчэ тры каманды. А праз год прайшоў першы чэмпіянат Гомелю па футболе у якім бралі ўдзел больш дзевяці каманд. А пераможцам у турніры стала ПГФК.

З 1911.

З адзінаццатага года футбол пачаў развівацца па ўсёй тэрыторыі Беларусі. Ва ўсіх губерніях(абласцях) з’явіліся футбольныя каманды і секцыі. Футбол быў самым папулярным відам спорта на Беларусі. У 1911-1914 гады стала праводзіліся спаборніцтвы па футболу ў такіх гарадах, як Магілёў, Гомель і Віцебск. Каманды і секцыі былі ва ўсіх буйных гарадах Беларусі. Ствараліся спартовыя таварыствы ў якіх у тым ліку развівалі і футбол- “Юнацтва”, “Надзея”, “Спорт” і інш.

Каманды ствараліся ў большасці пры прамысловых прадпрыемствах. А таксама, асаблівасцю Беларусі, было стварэнне футбольных каманд у жыдоўскіх абшчынах-па сутнасці асобным слаі тагачаснага грамадства гарадоў. Так з’явіліся каманды спарттаварыстваў “Маккабі”.

Нажаль развіццё футболу спыніла першая сусветная вайна, якая пракацілася па тэрыторыі нашага Краю. Так у 1914 годзе не быў скончаны “турнір футбалістаў” у Менску.

Пасля 1917

Пасля таго як па нашым Краю бязлітасна прайшлі баі сусветнай вайны, пасля неспраўджаных надзеяў на заваяванне Волі для Беларусі, наша Бацькаўшчына была разадрана крыважэрным суседзямі на часткі.

Калі людзі апрытомнелі пасля крывавых падзеяў апошніх гадоў і прыстасаваліся да новых варункаў жыцця пад чарговай акупацыяй, спорт зноў пачаў станавіцца папулярным.

У Заходняй Беларусі найбольшых поспехаў дасягнулі футбольныя клубы, якія прадстаўлялі часткі польскага войска(ВКС Гародня і ВКС Берасце), што гулялі ў чэмпіянатах ваяводстваў. Таксама вядома, што футбол быў папулярны ў такіх гарадах, як Пінск(Котвіца), Наваградак, Слонім, Гародня(Крэсовія), Вільня(Огніско, Сміглы), Баранавічы(Рух), Ліда і іншыя.

Але не ў адной з гэтых каманд не атрымалася выйсці з ваяводскіх чэмпіянатаў у агульнапольскае першынство.

Ва Ўсходняй Беларусі футбол развіваўся пры мясцовых арганізацыях адукацыі, камсамола, прафсаюзаў і інш. На пачатку 20-ых гадоў на шматлікіх спартакіядах і святах спорта праводзіліся спаборніцтвы па футболу, як мясцовыя(чэмпіянаты ўсіх буйных гарадоў: Магілёў, Гомель, Менск, Бабруйск, Барысаў, Ворша і інш) так і агульнарэспубліканскія.

Першы чэмпіянат Беларусі прайшоў у 1922 годзе, а рэгулярна стаў праводзіцца толькі з 1933 года. У першых рэспубліканскіх спаборніцтвах бралі ўдзел каманды-зборныя гарадоў, каманды спартыўных клубаў гулялі ў рэгіянальных чэмпіянатах.

У ліпені 1926 года у Беларусі адбыліся першыя міжнародныя сучтрэчы(пра якія ўзгадваецца ў сучаснай прэсе). Каманда нямецкага Лейпцыга згуляла два матчы ў Менску і па аднаму ў Віцебску, Гомелі і Магілёве.

Такімі былі першыя крокі футбола на Беларусі, такая гісторыя. Пра якую варта памятаць!

Пакіньце камэнтар